У Варшаве адбылося адкрыццё новага Офіса Святланы Ціханоўскай для беларускай супольнасці
Сёння ўвечары новы Офіс Святланы Ціханоўскай у Варшаве адчыніў свае дзверы для беларускай супольнасці. На ўрачыстае адкрыццё завіталі былыя палітвязні, прадстаўнікі дэмакратычных сіл, беларускіх арганізацый і ініцыятыў, незалежных медыя, дзеячы культуры і эксперты. Госці змаглі пазнаёміцца з новай грамадскай прасторай і абмеркаваць магчымасці для сумесных праектаў і мерапрыемстваў.
З прамовай да іх звярнулася Святлана Ціханоўская:
«У нас вялікая, жывая супольнасць. Нягледзячы на рэпрэсіі, абмежаваныя рэсурсы, выгнанне — мы працягваем працаваць і развівацца. І ведаеце, многія рухі ў свеце, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, вучацца ў нас, бяруць з нас прыклад.
Вялікая нашая перавага — у тым, што мы будуем інстытуты, фармалізуем адносіны. Так, нам супрацьстаіць вялікая сістэма. І перамагчы гэтую сістэму мы можам толькі сістэмай. Толькі калі дзейнічаем скаардынавана, разам.
Я ведаю, што ёсць стомленасць. Усё надта зацягнулася. Але мы не маем ніякага права спыняцца. Мы павінны давесці да канца тое што пачалі разам з вамі. І я ўпэўнена, мы ўсё адолеем».
У праграме вечара таксама запланаваныя выступы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі, спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана і кіраўніка Беларускага Моладзевага Хаба Алеся Лапко.
Ужо цяпер беларусы, арганізацыі і ініцыятывы могуць падаваць заяўкі на правядзенне ўласных мерапрыемстваў у новай грамадскай прасторы пры Офісе.