СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ЗНОЎ ЗБІРАЕЦЦА Ў КІЕЎ. ЦІ АДБУДЗЕЦЦА НАРЭШЦЕ СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСАМІ ЎКРАІНЫ?
Паводле інфармацыі выдання «Зеркало» ад 24 лістапада 2026 года, Офіс Святланы Ціханоўскай рыхтуе яе візіт у Кіеў. У праграме запланаваная сустрэча з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Дакладная дата пакуль узгадняецца.
У сувязі з гэтым мы звяртаемся да Святланы Ціханоўскай і яе Офіса з публічным заклікам нарэшце арганізаваць сустрэчу з беларусамі, якія пражываюць ва Украіне, у тым ліку з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці, грамадскіх арганізацый і ініцыятыў.
Нагадаем, што з 2020 года такой сустрэчы так і не адбылося. Шэсць гадоў без непасрэднага дыялогу — занадта доўга.
Мы лічым, што падчас візіту неабходна абмеркаваць шэраг прынцыповых пытанняў:
▪️ Прадстаўніцтва інтарэсаў беларусаў. Ці прадстаўляюцца інтарэсы беларусаў, якія пражываюць ва Украіне, і ў чым канкрэтна заключаецца гэтая праца?
▪️ Беларускія добраахвотнікі. Ці адбудзецца сустрэча з беларускімі добраахвотнікамі, якія з 2014 года са зброяй у руках абараняюць Украіну?
▪️ Сем’і загінулых і зніклых без вестак. Ці будзе магчымасць сустрэцца з сем’ямі беларускіх герояў, у тым ліку з сем’ямі, дзе засталіся непаўналетнія дзеці, а таксама з сем’ямі добраахвотнікаў, якія дагэтуль лічацца зніклымі без вестак?
▪️ Беларускія пенсіянеры. Ці будуць пачутыя людзі, якія праз праблемы з пенсійнымі выплатамі ўжо амаль чатыры гады знаходзяцца ў надзвычай складаным матэрыяльным становішчы?
▪️ Прававы статус беларусаў. Ці будуць абмяркоўвацца пытанні легалізацыі, дакументаў, прававога статусу беларусаў ва Украіне і абароны іх правоў?
▪️ Правы беларускай нацыянальнай меншасці. Ці будзе нададзеная ўвага захаванню беларускай мовы і культуры, нацыянальнай ідэнтычнасці, адукацыі і развіццю беларускай супольнасці ва Украіне?
Ёсць і яшчэ адно прынцыповае пытанне.
Ці не атрымаецца так, што візіт абмяжуецца сімвалічнай сустрэчай для фота з асобнымі добраахвотнікамі і прадстаўнікамі беларускай супольнасці, якіх, магчыма, спецыяльна прывязуць з еўрапейскіх краін, у той час як беларусы, якія жывуць ва Украіне, змагаюцца, працуюць і вырашаюць свае штодзённыя праблемы тут, зноў застануцца па-за ўвагай?
Нам патрэбная не фармальная сустрэча для фота і справаздачы. Нам патрэбны сапраўдны дыялог з беларускай супольнасцю ва Украіне.
Ва Украіне працягваецца поўнамаштабная вайна. Беларусы тут не проста назіраюць за падзеямі. Яны разам з украінцамі абараняюць краіну, дапамагаюць украінскаму грамадству, гінуць, атрымліваюць раненні, губляюць блізкіх і свае дамы ў выніку расійскай агрэсіі.
Беларусы ва Украіне — гэта не проста дыяспара. Гэта частка беларускай нацыі, якая жыве, працуе, захоўвае сваю мову і культуру, змагаецца за свабоду і ўносіць рэальны ўклад у абарону Украіны.
Мы перакананыя, што сустрэча з беларусамі Украіны павінна стаць паўнавартаснай часткай праграмы візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў, а не другасным мерапрыемствам, калі на яго застанецца час.
Публічна заклікаем Святлану Ціханоўскую і яе Офіс: давайце нарэшце арганізуем гэтую сустрэчу!
Мы адкрытыя да шчырай размовы. У нас ёсць пытанні, праблемы і канкрэтныя прапановы. Ёсць людзі і сем’і, якіх неабходна пачуць.
Шэсць гадоў без непасрэднага дыялогу — гэта занадта доўга. Час сустрэцца!
Заклікаем беларусаў Украіны падтрымаць нашу ініцыятыву і далучыцца да гэтай размовы.
У бліжэйшы час мы апублікуем Google-форму, праз якую кожны зможа даслаць свае пытанні, прапановы і праблемы, якія, на яго думку, неабходна абмеркаваць падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.
Мы хочам, каб гэта быў не проста зварот ад арганізацыі, а агульная пазіцыя беларусаў, якія жывуць ва Украіне.
НАШ ГОЛАС ПАВІНЕН БЫЦЬ ПАЧУТЫ!