Переслано из Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Калі чакаць ордараў на арышт прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі? Каментарый намесніка кіраўніцы АПК, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі адносна тэрмінаў выдачы ордараў на арышт прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі Міжнародным крымінальным судом у Гаазе. «У публічнай прасторы ўсё часцей гучыць меркаванне пра тое, што працэс правасуддзя ў МКС па "беларускай сітуацыі" неапраўдана зацягваецца. Аднак, калі звярнуцца да статыстыкі і працэдур самога Суда, такая ацэнка не мае пад сабой падстаў». Чаму працэдура папярэдняга вывучэння прайшла хутка? «З моманту рэферала Літвы Офісу пракурора МКС спатрэбілася ўсяго 17 месяцаў для завяршэння папярэдняга вывучэння "беларускай сітуацыі". Для параўнання: паводле даклада незалежных экспертаў аб дзейнасці МКС ад 2020 года (падрыхтаванага ў межах працэсу, ініцыяванага Асамблеяй дзяржаў–удзельніц Рымскага статута), сярэдняя працягласць папярэдняга вывучэння сітуацый складала 50 месяцаў — амаль у тры разы даўжэй». Пры гэтым, як адзначыў Павел Латушка, Офіс пракурора МКС уклаўся ў 17 месяцаў у вельмі складаных умовах: – Юрысдыкцыйная спецыфіка. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута. Прыняцце рашэння аб пачатку расследавання «беларускай сітуацыі», кантэкст якой у большай ступені выходзіць за межы юрысдыкцыі МКС, запатрабавала ад Офіса пракурора значнай рашучасці — тым больш ва ўмовах заклікаў засяродзіць рэсурсы Суда на расследаванні сітуацый у дзяржавах–удзельніцах Рымскага статута. – Знешні ціск і ўнутраны крызіс. Перыяд папярэдняга вывучэння супаў з беспрэцэдэнтным ціскам на МКС, і перш за ўсё на Офіс пракурора, з боку шэрагу пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, а таксама з унутраным крызісам у Офісе пракурора, у выніку якога яго кіраўнік быў вымушаны адысці ад выканання сваіх абавязкаў. – Адсутнасць шырокай падтрымкі з боку дзяржаў. За 6 гадоў ніводная дзяржава, акрамя Літвы, уключаючы краіны, на тэрыторыі якіх знаходзіцца найбольшая колькасць пацярпелых беларусаў, не скарысталася механізмам перадачы сітуацыі ў МКС, прадугледжаным артыкулам 14 Рымскага статута. Разам з тым мы працягваем адвакатаванне далучэння да расследавання іншых дзяржаў. «Нягледзячы на сукупнасць гэтых перашкод, Офіс пракурора МКС завяршыў папярэдняе вывучэнне ў разумныя тэрміны, істотна апярэдзіўшы сярэдні паказчык працягласці працэдуры. Важна адзначыць, што расследаванне, аналагічнае таму, якое праводзіць Офіс пракурора МКС, тэарэтычна можа праводзіцца і на нацыянальным узроўні. Напрыклад, у сітуацыі злачынства генацыду, здзейсненага кіраўніцтвам М’янмы, Федэральны крымінальны суд Буэнас-Айрэса выдаў міжнародныя ордары на арышт 25 высокапастаўленых вайсковых і грамадзянскіх асоб М’янмы. Аднак за 6 гадоў шэраг спроб ініцыяваць крымінальныя справы на нацыянальным узроўні за міжнародныя злачынствы, учыненыя прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, пакуль не ўвянчаліся поспехам. На гэтым фоне расследаванне Офіса пракурора выглядае эфектыўным і такім, што актыўна прасоўваецца. Сёння гэтае расследаванне застаецца адзінай рэальнай надзеяй на правасуддзе для соцень тысяч ахвяр з Беларусі». Якія рэалістычныя тэрміны выдачы першага ордара? «У практыцы МКС з моманту пачатку расследавання да запыту першага ордара на арышт у сярэднім праходзіць ад паўтара да двух гадоў. Аднак у беларускім кейсе ў якасці практычнага пункту адліку карэктней разглядаць момант фарміравання следчай групы і зацвярджэння бюджэту. Арыенцірам з’яўляецца снежань бягучага года, калі адбудзецца чарговая сесія Асамблеі дзяржаў–удзельніц Рымскага статута. Магчымы графік далейшага развіцця падзей выглядае так: 1. Запыт ордара. Пры аптымістычным сцэнарыі Офіс пракурора МКС можа звярнуцца ў Палату папярэдняга вядзення з хадайніцтвам аб выдачы першага ордара на арышт праз 11–17 месяцаў — у перыяд з лістапада 2027 года па май 2028 года. 2. Рашэнне Суда. Пасля паступлення хадайніцтва яго разгляд Палатай папярэдняга вядзення і прыняцце адпаведнага рашэння могуць заняць да шасці месяцаў. Трэба памятаць, што з лістапада 2025 года як запыты Офіса пракурора аб выдачы ордараў на арышт, так і іх выдача Палатамі папярэдняга вядзення з’яўляюцца канфідэнцыйнымі».
Открыть в Telegram