Мінск! Ёсць выдатная нагода правесці суботні вечар у кампаніі аматараў космасу. Ужо заўтра, 21 лістапада а 17:00, у «Доме з марамі» адбудзецца трэці і апошні афлайн-паказ фільма «Праект Авэ Марыя» ў беларускім дубляжы ад каманды «Мой родны гук». Спецыяльны госць мерапрыемства Павел Кумейша, фізік і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута цепла- і масаабмену НАН Беларусі, пасля фільма раскажа пра яго навуковы складнік і адкажа на вашы пытанні. Засталося літаральна некалькі вольных месцаў, таму спяшайцеся зарэгістравацца. Upd: Усе месцы pазабралі! Раю не прапусціць.
Open in TelegramPosts of Праз космас
Voyager 1 дасягнуў адлегласці ў адзін светлавы дзень ад Зямлі. Сёння, 18 лістапада, у 13:16 па беларускім часе Voyager 1 стаў першым у гісторыі аб'ектам, створаным чалавекам, які аддаліўся ад нашай планеты на 25,9 мільярда кіламетраў. Цяпер нават святлу, якое рухаецца з хуткасцю амаль 300 000 км/с, патрэбныя цэлыя суткі, каб пераадолець гэтую адлегласць. Каб адправіць каманду апарату і атрымаць ад яго адказ, інжынерам NASA цяпер трэба чакаць каля 48 гадзін. Voyager 1 быў запушчаны 5 верасня 1977 года, даследаваў Юпітэр і Сатурн, а ў 2012 годзе выйшаў за межы геліяcферы і працягнуў сваё падарожжа ў міжзоркавай прасторы. 49 гадоў, 2 месяцы і 11 дзён спатрэбілася яму, каб дасягнуць гэтай адлегласці. Амаль паўстагоддзя ў дарозе.
Open in TelegramСёння ноччу Леаніды вернуцца да Зямлі. У ноч з 17 на 18 лістапада чакаецца пік актыўнасці метэорнага патоку Леаніды. Сёлета прагназуюць да 15 метэораў за гадзіну пры ідэальных умовах і цёмным небе. Скажам шчыра, не самы ўражлівы зарапад. Але ў Леанідаў ёсць вельмі цікавая гісторыя. У 1833 годзе гэты метэорны паток зладзіў сапраўднае касмічнае шоу. Назіральнікі бачылі дзясяткі тысяч метэораў за гадзіну. А ў 1966 годзе падчас чарговага шторму колькасць метэораў дасягала 40–50 за секунду. Сёлета такога відовішча не чакаецца, але некалькі яркіх метэораў можна злавіць. Лепш за ўсё назіраць пасля поўначы і да світанку. І ёсць прыемны бонус. Побач з радыянтам Леанідаў можна ўбачыць Марс і Юпітэр, якія знаходзяцца даволі блізка адзін да аднаго на небе. Яркі Юпітэр і чырванаваты Марс будзе лёгка адрозніць нават без тэлескопа. Здымак: Aleix Roig
Open in TelegramГЭТА ГІСТОРЫЯ! SpaceX упершыню злавіла касмічны карабель Starship. Яны сапраўды гэта зрабілі. Пасля 22,5 гадзіны ў космасе і 14 абаротаў вакол Зямлі, карабель Ship 42 вярнуўся дамоў, на касмадром Starbase у Тэхасе. Яго злавілі ў паветры гіганцкія механічныя рукі стартавай вежы Mechazilla. Велізарны касмічны карабель выходзіць на арбіту, выпускае 26 спадарожнікаў Starlink, амаль суткі лятае вакол нашай планеты, затым праходзіць праз пекла ўваходу ў атмасферу і вяртаецца дакладна ў рукі стартавай вежы. І ўсё гэта з першай спробы захопу самога карабля. Праўда, цалкам паспяховым Flight 15 назваць нельга, бо быў адменены захоп паскаральніка Super Heavy. Але галоўная падзея ўсё ж адбылася. Упершыню верхняя ступень такой ракеты вярнулася з арбіты і была паспяхова захоплена стартавай вежай.
Open in TelegramStarship Flight 15 стартаваў. Пакуль атрымалася не ўсё. Паскаральнік Super Heavy паспяхова аддзяліўся ад карабля і пачаў вяртанне на Starbase. Але SpaceX у апошні момант адмовілася ад спробы захопу стартавай вежай з-за праблем з сістэмай кіравання. Замест гэтага паскаральнік здзейсніў кантраляванае прывадненне ў Мексіканскім заліве і запланавана выбухнуў. А вось Ship 42 працягнуў палёт і паспяхова выйшаў на арбіту Зямлі. Карабель таксама вывеў 26 спадарожнікаў Starlink V3, і дадзены момант застаецца на арбіце. Таму самае цікавае яшчэ наперадзе. Калі інжынеры пацвердзяць, што ўсе сістэмы працуюць нармальна, SpaceX паспрабуе ўпершыню ў гісторыі злавіць сам карабель Starship механічнымі рукамі стартавай вежы. Вяртанне пакуль запланавана прыкладна на 00:17 ночы 15 лістапада па беларускім часе.
Open in TelegramНоч запуску Starship Flight 15. Ship 42 даставілі на другую стартавую пляцоўку Starbase у Тэхасе і ўсталявалі на паскаральнік Super Heavy Booster 22. Цяпер ракета цалкам сабраная і рыхтуецца да палёту. Сёння нас чакае нешта асаблівае. SpaceX плануе ўпершыню паспрабаваць злавіць стартавай вежай абедзве часткі Starship падчас адной місіі. Старт запланаваны на 01:45 ночы 14 лістапада па беларускім часе. Але ёсць нюанс: паскаральнік паспрабуюць злавіць амаль адразу пасля запуску, а сам карабель вернецца толькі прыкладна праз 22,5 гадзіны. Ну што, вашы стаўкі? Атрымаецца злавіць абедзве часткі, толькі Ship, толькі Booster ці ніводную? Трансляцыя
Open in Telegram