Account

Posts of 🏰 Hrodna History

newest first

#2286Photo

⛓️ У 59 гадоў Напалеон Орда апынуўся ў гродзенскай турме. За што Расійская імперыя пераследавала мастака? Напалеона Орду мы ведаем перадусім дзякуючы ягоным малюнкам, на якіх захаваліся беларускія палацы, замкі, касцёлы і іншыя помнікі архітэктуры. Але значную частку свайго жыцця мастак правёў пад пераследам расійскіх уладаў. Двойчы ён трапляў у турму, амаль 25 гадоў пражыў у вымушанай эміграцыі, а яго родны маёнтак канфіскавала дзяржава. Упершыню Орду арыштавалі яшчэ ў 1826 годзе — за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве. Ён правёў за кратамі больш за год, а пасля вызвалення застаўся пад паліцэйскім наглядам. Сям'ю нават прымусілі аплаціць выдаткі на яго арышт і ўтрыманне пад следствам! Пасля ўдзелу ў паўстанні 1830–1831 гадоў Орда быў вымушаны эміграваць. Але і за мяжой ён не мог пазбавіцца пераследу. Царскія ўлады спрабавалі адабраць сямейны маёнтак Варацэвічы, а яго маці Юзафіну паставілі пад паліцэйскі нагляд толькі за перапіску з сынам. Асабліва драматычныя падзеі разгарнуліся ў 1866 годзе. Пасля паўстання Каліноўскага 59-гадовага Орду зноў арыштавалі (ён на той момант паспеў вярнуцца з эміграцыі). Падчас ператрусу знайшлі порах, антыўрадавыя паперы і перапіску. Спачатку мастака змясцілі ў турму ў Кобрыне, а потым перавезлі ў Гродна. Яго абвінавачвалі нават у тым, што ён дазволіў свайму сыну служыць у французскай арміі без дазволу расійскага ўрада. Пры гэтым сын Орды нарадзіўся ў Францыі і меў французскае грамадзянства. Мастаку пагражала высылка ў аддаленыя губерні імперыі. У справу ўмяшаўся французскі пасол. Урэшце 30 мая 1867 года Орду вызвалілі, але родны маёнтак ён страціў. 📜 Як маці Напалеона Орды выкарыстоўвала Статут ВКЛ, каб супрацьстаяць канфіскацыі маёмасці? Чаму мастака зноў і зноў абвінавачвалі ў палітычных злачынствах? І як яму ўдалося пазбегнуць высылкі? Пра амаль паўстагоддзя пераследу Напалеона Орды чытайце ў новым матэрыяле нашага партнёрскага гістарычнага часопіса «Карона Вітаўта»: https://karonavitauta.org/public/ad-studenckai-spravy-da-turmy-59-gado-yak-raseiskaya-imperyya-niscyla-zyccyo-napaleona-ordy 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views172−47%vs avg
Forwards—
Reactions6
Comments—
#2285Photo

⚰️ Праклён Тутанхамона па-беларуску? Як труна, зробленая ў Гродне, праз 500 гадоў стала прычынай містычнай гісторыі 7 чэрвеня 1492 года ў Гродзенскім замку памёр вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч. Манарха вырашылі пахаваць у Кракаве, але спачатку трэба было перавезці яго цела за 600 кіламетраў у летнюю спёку. У Гродне для караля зрабілі незвычайную труну: яе выдзеўблі з суцэльнага сасновага ствала, змацавалі жалезнымі клямарамі і абгарнулі тканінай, прасякнутай смалой. У ёй Казіміра даставілі ў Кракаў і пахавалі на Вавелі. А праз амаль 500 гадоў пачалося нешта дзіўнае. У 1973 годзе польскія даследчыкі адкрылі каралеўскую магілу. Першую спробу пранікнуць у яе зрабілі ў пятніцу, 13 красавіка. А ўжо 19 мая саркафаг афіцыйна адчынілі ў прысутнасці кракаўскага мітрапаліта Караля Вайтылы — будучага Папы Рымскага Яна Паўла II. Неўзабаве людзі, якія ўдзельнічалі ў даследаванні пахавання, пачалі адзін за адным паміраць. За наступныя дзесяць гадоў памерлі 15 з 32 удзельнікаў даследавання. У Польшчы загаварылі пра «праклён Ягайлавіча», параўноўваючы яго з праклёнам егіпецкага фараона Тутанхамона, пасля адкрыцця грабніцы якога таксама адбывалася серыя загадкавых смерцяў. Але ці сапраўды прычынай смерцяў стала каралеўская труна? І якую небяспеку яна магла хаваць на працягу пяці стагоддзяў? 🔎 Пра гісторыю «праклёну», знаходкі ў каралеўскай магіле і навуковую версію загадкавых смерцяў чытайце ў матэрыяле нашых сяброў — гістарычнага часопіса «Карона Вітаўта»: 👉 https://www.karonavitauta.org/praklyon-karaleskai-truny-usyo-pacalosya-z-belarusi 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views3250%vs avg
Forwards—
Reactions13
Comments—
#2284Photo

Подпіс караля Стэфана Баторыя мы ўжо з вамі разглядалі, а сёння паглядзім, як падпісвала дакументы каралева Бона Сфорца. 📜 У Польшчы выставілі на аўкцыён дакумент 1546 года з уласнаручным подпісам каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы. Ён непасрэдна звязаны з гісторыяй Гродзеншчыны. Дакумент выдалі 15 чэрвеня 1546 года ў Кракаве. Ён напісаны на лацінскай мове, на ім захаваўся след ад пячаткі і ўласнаручны подпіс каралевы — «Bona Regina», што азначае «Каралева Бона». Дакумент датычыцца заснавання і забеспячэння зямлёй касцёла ў мястэчку Лунна, якое тады ўваходзіла ў Гродзенскую эканомію. На будаўніцтва і ўтрыманне касцёла каралева выдзеліла тры валокі зямлі з каралеўскіх уладанняў. Цікава, што праз 247 гадоў дакумент усё яшчэ меў юрыдычнае значэнне. У 1793 годзе лунненскі пробашч прадставіў яго для ўнясення ў гродзенскія актавыя кнігі. Пра гэта сведчыць пазнейшы запіс на пергаменце. Дакумент выставіў варшаўскі антыкварны дом Lamus. Аўкцыён адбудзецца 5 снежня, а стартавая цана лота складае 40 000 злотых (каля 9170 еўра). 🏰 А чым Бона Сфорца запомнілася ў Гродне? Каралева валодала Гродзенскім староствам і паўплывала на развіццё горада ў XVI стагоддзі. Пры ёй у Гродне брукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, з'явіўся вадаправод. З часоў Боны паходзіць першая згадка пра гарадскі гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе яна загадала наняць майстра. Пры Боне Гродна атрымаў таксама гарадскую пячатку з выявай аленя святога Губерта — сімвала, які і сёння прысутнічае на гербе горада. 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views305−6%vs avg
Forwards—
Reactions13
Comments—
#2283Photo
Views330+2%vs avg
Forwards—
Reactions9
Comments—
#2282Photo

Як у 1992 годзе ў Гродна прыехаў былы ўрадавы цягнік ГДР. Што ўбачыў нямецкі падарожнік? 25 красавіка 1992 года на гродзенскім чыгуначным вакзале стаяў незвычайны цягнік - "Koenigsberg-Express". Яго 11 вагонаў раней выкарыстоўвала кіраўніцтва Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, у тым ліку для дзяржаўных паездак. Але цяпер вагоны перавозілі звычайных турыстаў па маршруце з Берліна ў Калінінград. Памянялі Калінінград на Гродна Падарожжа пачалося 17 красавіка 1992 года. Потым турысты тыдзень каталіся на аўтобусах па Літве і Латвіі, а вяртанне планавалася зноў праз Калінінград. Аднак маршрут нечакана змяніўся. «Раніцай экскурсавод паведаміла, што мы больш не можам вярнуцца праз Кёнігсберг, бо „палякі перакрылі калідор“. Спецыяльны цягнік перанакіруюць у Гродна», — пісаў падарожнік. «Драўляныя дамы прадмесця, высокія вежы белага барочнага касцёла і пустыя вітрыны» Менавіта такімі былі першыя ўражанні немца ад горада. У Гродна турысты прыехалі аўтобусамі з Вільні. На вакзале іх чакаў спецыяльны цягнік, які прыбыў яшчэ апоўдні. «Вакзал — сучасны бетонны будынак. Пасажырскі цягнік з цеплавозам ТЭП60 якраз адпраўляецца на ўсход, чырвоныя дызель-цягнікі тыпаў Д1 і ДР1 стаяць на запасных пуцях, на платформах тоўпяцца натоўпы людзей. І сапраўды, на апошнім пуці стаіць „наш“ спецыяльны цягнік!» Да 11 вагонаў былога ўрадавага цягніка ГДР быў прычэплены польскі грузавы электравоз ET22-996. Ён павінен быў весці састаў да паўночнага чыгуначнага абходу Варшавы. Аўтар здзіўляўся, як цягнік еўрапейскай шырыні каляі змог трапіць на вакзал, дзе выкарыстоўвалася і шырокая савецкая каляя. Тлумачэнне знайшлося: на станцыі быў чатырохрэйкавы пуць, па якім маглі рухацца цягнікі розных стандартаў. Якія яшчэ цягнікі можна было ўбачыць у Гродне ў 1992 годзе? Пакуль турысты чакалі адпраўлення, падарожнік назіраў за рухам на вакзале. На першы пуць прыбыў хуткі цягнік Варшава — Гродна з польскімі вагонамі і электравозам EU07. Затым манеўровы цеплавоз ЧМЭ3Т падаў састаў з 20 вагонаў. Пасярэдзіне быў вагон-рэстаран, астатнія — зялёныя спальныя і плацкартныя вагоны. На некаторых жоўтымі літарамі было напісана «Гродна — Масква», а сінімі — назва цягніка «Нёман». Неўзабаве з захаду прыбыў міжнародны экспрэс Берлін — Санкт-Пецярбург. Яго цягнуў двухсекцыйны цеплавоз 2М62. У пачатку саставу знаходзіліся вагоны, якія ішлі з Варшавы і Берліна ў Рыгу. Праз Нёман — у Польшчу Каля 17:00 цягнік адправіўся з Гродна на захад. Ён пераехаў Нёман па мосце і рушыў у бок польскай мяжы. У лесе стаяла пустая ўстаноўка для перастаноўкі вагонаў на іншую шырыню каляі. А потым немцы заўважылі некалькі старых паравозаў нямецкай серыі 52 — стратэгічны рэзерв, які захаваўся з ваенных часоў. Пасля кантролю цягнік прайшоў пад сталёвай аркай з надпісам «МИР» і апынуўся на польскай станцыі Кузніца. Такім атрымаўся адзін з эпізодаў чыгуначнага жыцця Гродна вясной 1992 года, калі Беларусь ужо стала незалежнай, а на чыгунцы яшчэ суіснавалі старыя савецкія парадкі і новыя міжнародныя маршруты. 📷 Фотаздымкі і ўспаміны: Trains & World Expresses — Berlin – Baltikum А вы памятаеце, як выглядаў гродзенскі вакзал у пачатку 1990-х? На якіх цягніках тады ездзілі?

Open in Telegram
Views427+32%vs avg
Forwards—
Reactions14
Comments—
#2281Photo

🦌 Алень, які аб'яднаў горад. З Днём святога Губерта, гродзенцы! У Гродна ёсць дзень горада, які адзначаюць афіцыйна, і ёсць іншая дата - 3 лістапада. Яна не пазначаная ў гарадскім календары як свята, але для многіх гродзенцаў мае асаблівае значэнне. Менавіта сёння адзначаецца дзень памяці святога Губерта - апекуна паляўнічых, з імем якога звязваюць галоўны сімвал Гродна: аленя з крыжам паміж рагамі. Цікава, што гэтая сувязь не такая старажытная, як можа падацца. Верагодна, атаясамліваць аленя на гродзенскім гербе з легендай пра святога Губерта пачалі толькі ў XX стагоддзі, у тым ліку дзякуючы гісторыку Юзафу Ядкоўскаму. Але іншыя навукоўцы шукаюць вытокі гарадскога сімвала ў легендах пра святога Яўстафія або нават каралевіча Эмерыка Венгерскага. Сёлета Дзень святога Губерта аб'ядноўвае гродзенцаў нават за сотні і тысячы кіламетраў ад роднага горада. Алень з крыжам паміж рагамі застаецца знакам, па якім яны пазнаюць свой горад. ❤️ Віншуем усіх гродзенцаў і ўсіх, каму дарагі Гродна, з Днём святога Губерта! Няхай наш горад заўсёды застаецца месцам, якое нас аб'ядноўвае, незалежна ад адлегласці. А вы лічыце 3 лістапада сапраўдным Днём Гродна? Калі так, то стаўце 🔥 гэтаму пасту! Мы будзем таксама вельмі ўдзячныя за 🫶 ДАНАТ 🫶 на падтрымку нашай працы 🤗 Ілюстрацыя: адзіны вядомы ў Гродзенскай вобласці абраз «Святы Губерт» (1934 г.), які знаходзіцца ў касцёле ў вёсцы Новы Двор Шчучынскага раёна; аўтарка - Луцыя Балзукевіч (1887 – 1976)

Open in Telegram
Views387+19%vs avg
Forwards—
Reactions24
Comments—
#2280Photo

🧪 Мог узначаліць кафедру фізікі ў Японіі, але да яе так і не даехаў Сёння спаўняецца 181 год з дня нараджэння Жыгімонта Урублеўскага — фізіка з Гродна, які разам з Каралем Альшэўскім атрымаў вадкія кісларод і азот. 🎓 У 1862 годзе Жыгімонт скончыў гродзенскую гімназію з сярэбраным медалём і паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт. Але вучобу перарваў удзел у паўстанні: юнак стаў сакратаром паўстанцкага кіраўніка Станіслава Сільвестровіча. У Гродне ён перапісваў паперы і загады. Пасля арышту і высылкі Урублеўскі вярнуўся ў родны горад толькі ў сакавіку 1869 года. Гэты прыезд у родны горад стаў апошнім у яго жыцці. 🌏 Далей былі Берлін, Цюрых, Гейдэльберг, праца ў Мюнхене і Страсбургу. Грошай не хапала нават на жыццё, таму Жыгімонт прапаноўваў навукоўцам свае паслугі асістэнта. У 1874 годзе ён абараніў доктарскую дысертацыю. Атрымаў і прапанову ўзначаліць кафедру фізікі ва ўніверсітэце ў Эда — цяперашнім Токіа, аднак у Японію не паехаў. 🔬 Да эксперыментаў са звадкаваннем газаў яго прывялі паездкі ў Францыю і Англію. Прыборы для доследаў са звадкаваннем газаў Урублеўскі прывёз з Парыжа ў Кракаў. Там разам з хімікам Каралем Альшэўскім ён спачатку павялічваў ціск, а затым ахалоджваў кісларод. Калі папярэднікам удавалася назіраць толькі туман і кроплі на сценках посуду, то гэтыя даследчыкі атрымалі вадкія кісларод і азот у колькасці, якую ўжо можна было вымераць. 🕯 Наступнай мэтай стаў вадкі вадарод, але завяршыць працу Жыгімонт не паспеў. У 1888 годзе, рыхтуючы схемы для артыкула, ён перакуліў чарцёжную дошку, а тая — лямпу з газай. На навукоўцы загарэлася адзенне. Ён здолеў выбрацца на вуліцу, дзе студэнты патушылі полымя, аднак пазней памёр ад цяжкіх апёкаў. 📍 У родным Гродне Жыгімонта ўшанавалі памятнай табліцай у Фарным касцёле. Яна размешчана на адной з калонаў побач з помнікам Антонію Тызенгаўзу. Тут жа ёсць табліцы ў гонар яго братоў — Вітольда, Эдварда і Станіслава. 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views409+26%vs avg
Forwards—
Reactions14
Comments—
#2279Photo

😱 Кіроўца, які вывез і выратаваў параненага Леніна, быў родам з Гродзеншчыны Сцяпан Гіль нарадзіўся ў Гродне або ў яго ваколіцах. Ён працаваў у імператарскім гаражы і вазіў імператрыцу Аляксандру Фёдараўну. Пасля рэвалюцыі яго пасажырам стаў Ленін. 30 жніўня 1918 года пасля выступу на маскоўскім заводзе Міхельсона ў Леніна стралялі. Гіль хутка адвёз параненага ў Крэмль, дзе яму аказалі дапамогу. Ленін выжыў дзякуючы нашаму земляку. У 1921 годзе Гіль узначаліў Гараж асаблівага прызначэння для кіраўнікоў Савецкай Расіі. Пасля смерці Леніна вазіў паплечніка Сталіна Анастаса Мікаяна і аднаго з архітэктараў сістэмы сталінскіх рэпрэсій Андрэя Вышынскага. У 1966 годзе выдаў успаміны. А потым пра смерць гродзенца напісала нават New York Times - настолькі вядомым ёсць у той час быў. Больш пра незвычайную кар'еру беларускага хлопца - на сайце нашых сяброў «Карона Вітаўта». 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views517+59%vs avg
Forwards—
Reactions10
Comments—
#2278Photo

Домік Элізы Ажэшкі "раздваіўся" - і гэта не аптычная ілюзія і не мантаж Паглядзіце на рэдкае фота з Гродна 70-х, на якім бачна два домікі Ажэшкі - арыгінальны і той, што сёння выдаецца за арыгінальны. Турыстам у Гродне любяць казаць, што дом пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў савецкія часы перанеслі на дзясятак метраў ад дарогі. Але той перанос быў фактычна руйнаваннем і стварэннем першага ў горадзе псеўдагістарычнага муляжа. Сучасны "дом Ажэшкі" з'явіўся ў 1976 і пабудаваны з газасілікатных блокаў. Ён толькі знешне нагадвае арыгінал, унутраная планіроўка ў новабудзе стала зусім іншай. Адзіная аўтэнтычная дэталь экстэр’ера – чугунны балкон. Стары ж арыгінальны дом Ажэшкі, які разабралі, меў цікавую гісторыю. Хутчэй за ўсё яго пабудаваў да 1863 г. стацкі саветнік Мірановіч. У 1874 г. домам валодаў камер-юнкер імператарскага двара, ганаровы міравы суддзя, стацкі саветнік Аляксандр Мікалаевіч Жалтухін. У 1878 г. Жалтухіна прызначылі віцэ-губернатарам Харкаўскай губерні і ён з’ехаў. Наступным гаспадаром нерухомасці стаў адвакат Станіслаў Нагорскі, будучы другі муж Ажэшкі. Эліза пераехала сюды ў 1894 г. 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views482+49%vs avg
Forwards—
Reactions12
Comments—
#2277Photo

Чатыры маркі з Гродна — за 5500 долараў. Што ў іх незвычайнага? Расійская паштовая марка, на ёй польская надрукоўка і паверх нямецкі надпіс «V.P. Grodno». Такі асобнік захоўваецца ў калекцыі гродзенскага філатэліста Андрэя. На маленькім кавалачку паперы засталіся сляды змен, якія перажываў горад у 1919 годзе, пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Маркі, якія не спатрэбіліся польскай пошце У красавіку 1919-га нямецкія войскі пакідалі Гродна, а кантроль над горадам пераходзіў да палякаў. Мясцовыя палякі падрыхтавалі ўласны выпуск марак: на старыя расійскія і адну ўкраінскую нанеслі надрукоўку «40 GR POCZTA POLSKA». Але польская палявая пошта выпуск не прыняла. Ужо першага мая чакалася дастаўка звычайных марак з Варшавы. Тады іх выкупіў нямецкі афіцэр Лейтэнант Баўэр выкарыстаў маркі для аплаты лістоў, якія ішлі праз Сувалкі ў Германію. Зверху з’явілася яшчэ адна надрукоўка — «V.P. Grodno», скарот ад нямецкага «Пошта сувязі Гродна». Гэтая пошта працавала да чэрвеня 1919 года. Незвычайнымі маркамі карысталіся няпоўныя два месяцы. Іх выпусцілі па 100 штук кожнага з пяці асноўных варыянтаў. Гасіў іх Баўэр таксама незвычайна: пяром ставіў першую літару свайго прозвішча. Пра гэта ў 1921 годзе напісаў гродзенскі лютэранскі пастар і філатэліст Адольф Освальд Плямш, які размаўляў з афіцэрам. Дзякуючы яму гэтая гісторыя і захавалася да сёння. Рэдкасць з гісторыяй падробак У 2021 годзе блок з чатырох такіх гродзенскіх марак прадалі на аўкцыёне за 5500 долараў. Рэдкасць і незвычайнасць марак прыцягвала і фальсіфікатараў. Напрыклад, стваральнік гродзенскага музея Юзаф Ядкоўскі нават абвінавачваў самога пастара Плямша ў падробцы гэтага выпуску! Падрабязней пра маркі, Баўэра і пастара-філатэліста — у нашым сумесным артыкуле з «Каронай Вітаўта»: https://karonavitauta.org/public/pyac-dzyarza-na-dvux-santymetrax-tak-dzyalili-belarus-u-1919-godze 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views418+29%vs avg
Forwards—
Reactions16
Comments—
#2276Photo

Помнік Элізе Ажэшцы стаіць у Гродне ўжо 97 гадоў Гэта самы стары на сённяшні дзень гарадскі помнік у нашым горадзе. Яго ўрачыста адкрылі 20 кастрычніка 1929 года. Шлях да яго з'яўлення ў горадзе быў не хуткім. Паставіць яго спрабавалі адразу пасля смерці пісьменніцы ў 1910 годзе. Але тады царскія ўлады не далі на гэта дазвол. Да ідэі ўвекавечыць Ажэшку гараджане вярнуліся пасля Першай сусветнай вайны, калі Гродна быў у складзе Польшчы. У пачатку 1920-х гадоў пачаўся збор грошай на помнік пісьменніцы, а ў 1923 годзе быў аб’яўлены конкурс. Перамог праект варшаўскага скульптара Рамуальда Зэрыха. Але ўсталяваць помнік у Гродне ўдалося толькі праз шэсць гадоў, у 1929-м. Адкрыццё помніка было вялікім святам для Гродна. Прыйшлі тысячы гродзенцаў; прыехалі спецыяльныя госці: беластоцкі ваявода Караль Кірсцень, маршалак польскага сената Юльян Шыманскі, гродзенскі стараста Зыгмунт Рабачкевіч, віленскі ваявода Зыгмунт Бячковіч, пісьменнікі Юльян Тувім, Антоні Фердынанд Асэндоўскі і Зофія Налкоўская. Што здарылася з помнікам далей? Як ён перажыў часы "першых Саветаў" і нямецкую акупацыю? Як і калі яго перанеслі з парку на тое месца, дзе ён зараз? Пра гэта мы расказваем у відэа на нашым YouTube-канале: https://www.youtube.com/watch?v=Km0ADsbShxY 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views355+9%vs avg
Forwards—
Reactions12
Comments—
#2275Photo

375 гадоў таму, 19 кастрычніка 1651 года, у Гродне віленскі біскуп Ежы Тышкевіч асвяціў Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі - касцёл брыгітак. На той момант манашкі брыгіцкага ордэнту былі ў Гродне ўжо 15 гадоў - першыя 8 сясцёр прыбілі з Любліна ў снежні 1636 года. У тым жа 1636 годзе для іх пабудавалі драўляны кляштар і касцёл на мураваным фундаменце, з'явілася мураваная сцяна з дзвюмя брамамі. Гродзенскі кляштар заснавалі ў 1634 г. маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф Весялоўскі і яго жонка Аляксандра Марыяна з Сабескіх (цётка будучага караля Яна ІІІ Сабескага). Першай абатысай кляштара стала родная сястра фундатаркі — Ганна Сабеская (яшчэ адна цётка караля). У кляштар, паводле статута i практыкi брыгiцкага ордэна, прымалi дзяўчат са шляхецкiх i магнацкiх сем’яў. Кляштар быў разлічаны на 30 манашак, аднак у час росквіту тут жыло да 40 сясцёр. Будынак значна пацярпеў падчас “шведскай” вайны, а самі манахіні нават былі вымушаны яго пакінуць і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар не быў зноў адбудаваны. 🏛 Арыгінальныя скульптуры і абразы з касцёла сёння захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску. На нашым калажы вы можаце пабачыць частку з іх. 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views402+24%vs avg
Forwards—
Reactions11
Comments—
#2274Photo

16 кастрычніка (4-га па так званым "старым стылі") 1896 года ў Гродне памерла Марыя Багдановіч, маці будучага класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Марыя пабралася шлюбам з Адамам Багдановічам, бацькам паэта, калі ёй было 19 гадоў. Адам Багдановіч так узгадваў сваю жонку: «Незвычайная жвавасць успрымання, пачуцця і рухаў была асноўнай, выбітнай рысай яе натуры. Рухомая, заўсёды вясёлая, з іскрыстымі вачыма, з касой жахлівай велічыні, яна ў дадатак валодала грацыяй кацяняці... Яе карткі (маюцца на ўвазе фотаздымкі) не даюць ніякага паняцця не толькі пра яе духоўнае аблічча, але нават і пра знешняе. Гэта — маска, пазбаўленая жыцця, а яна была ўся зіхоткая, пяючая жыццё, уся рух, радасць, захапленне». Праз месяц пасля нараджэння дачкі ў Марыі Багдановіч былі выяўлены сухоты. Лячэнне не дапамагло, і 16 кастрычніка 1896 года яна памерла. Пахавалі Марыю Багдановіч на Гродзенскіх праваслаўных могілках на вуліцы Антонава. Першапачаткова там стаяў дубовы крыж. Пазней на магіле ўсталявалі сучасны помнік — палову гранітнага валуна, з выбітым на ім крыжом Еўфрасінні Полацкай. Паводле ўспамінаў Адама Багдановіча, Максім знешнімі рысамі (хадой, манерай сябе трымаць, жэстамі) быў больш падобны да бацькі. Аднак па складзе характару — мяккага, жаноцкага, па весялосці нораву, жвавасці, сіле ўяўлення і пластычнасці творчасці — паэт найбольш нагадваў сваю маці. На фота: злева — помнік з гранітнага валуна на старых праваслаўных могілках, справа — Максім Багдановіч з маці Марыяй 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views464+43%vs avg
Forwards—
Reactions9
Comments—
#2273Photo

👑 Брат Вітаўта, якога называлі «каралём ліцвінаў»: як Бутаўт апынуўся пры двары імператара На Каляды 1368 года ў італьянскай Сіене разам з дваром імператара Карла IV знаходзіўся князь з Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ трыма гадамі раней ён спрабаваў захапіць уладу ў Вільні, трапіў у турму і ўцёк да крыжакоў. Гэта быў Бутаўт — сын Кейстута і брат Вітаўта па бацьку. Разам з праектам «Карона Вітаўта» і гісторыкам Аляксандрам Паршанковым расказваем яго гісторыю. Змова, турма і ўцёкі У 1365 годзе, пакуль Альгерд і Кейстут знаходзіліся на Валыні, Бутаўт паспрабаваў узяць уладу ў свае рукі. Але віленскі ўраднік Дзірсун даведаўся пра змову, і князь апынуўся за кратамі. Вызваліцца дапамаглі паплечнікі, сярод якіх быў Сурвіла. Уцекачы знайшлі прытулак у Тэўтонскім ордэне. У Каралеўцы Бутаўт прыняў хрысціянства і атрымаў імя Генрых. Ужо ў жніўні ён вярнуўся ў ВКЛ з крыжацкім войскам. Але захапіць Вільню не ўдалося. 🇨🇿 Новае жыццё ў Празе Пасля няўдачы Бутаўт выправіўся да двара Карла IV. Тут існавала і сямейная сувязь: жонка імператара Лізавета Памеранская была ўнучкай Альдоны — сястры Кейстута. Імя Бутаўта сустракаецца сярод сведкаў у імператарскіх дакументах 1368–1377 гадоў. У некаторых яго нават тытулавалі Rex Lethu[w]orum — «каралём ліцвінаў». Уладаром ВКЛ ён пры гэтым не стаў. У 1368–1369 гадах князь суправаджаў імператара ў Італіі. Так у яго біяграфіі з’явіліся і Каляды ў Сіене разам з імператарскім дваром. Што засталося пасля Бутаўта Князь памёр паміж вясной 1380-га і зімой 1381 года. Магчыма, прычынай стала чума, якая тады ахапіла Прагу. Інвентарная кніга кляштара святога Тамаша — «Кодэкс Тамаша» — захавала згадку пра ахвяраванне Вітаўта за душу брата Генрыха. У запісе гаворыцца, што той пахаваны ў хоры касцёла пад мармуровай плітой. У гэтым пражскім касцёле і сёння ёсць пліта з чырвонага мармуру, якую звязваюць з князем. У Бутаўта застаўся сын Вайдута, вядомы таксама як Ян. Ён вучыўся ў Парыжы, а ў 1401 годзе стаў рэктарам Кракаўскага ўніверсітэта. Падрабязней пра гісторыю Бутаўта можна даведацца на сайце «Карона Вітаўта». Ілюстрацыя: імператар Карл IV са сваёй трэцяй жонкай Ганнай Свідніцкай 🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна! 🫶 ДАНАТ 🫶 📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram 🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube 📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!

Open in Telegram
Views542+67%vs avg
Forwards—
Reactions13
Comments—
#2264Photo
Views587+81%vs avg
Forwards—
Reactions17
Comments—