ЗАЦЕМКІ ПРА МАРГІНЭЗ
Нядаўна жоўтыя грантавыя «дэмсмі» (як і можна было спадзявацца) зьмясьцілі артыкул пра фэмінізм і пра асобу ў гэтай сфэры Глёрыю Стайнэм, якая ва ўзросьце 92 год памерла ў Нью-Ёрку. Яна змагалася за правы жанчын, у тым ліку за магчымасьць жанчынам самастойна распараджацца сваім целам.
Глёрыя па маладосьці была, відаць, адчайным змагаром за ўпартую ідэю. Каб насаліць заканадаўству, якое забараняла аборты, яна спачатку ў 22 гады спэцыяльна зацяжарыла ад кагосьці, а потым паехала ў Лёндан і (ў знак пратэсту) спэцыяльна зрабіла аборт. Такія во якраз змагары некалі кідаліся на амбразуры за памылковыя перакананьні. (Заганная ідэалёгія ўвогуле бывае страшнай атрутай, асабліва для маладых.)
І тут я ўспамніў камічную гісторыю 25-гадовай даўніны. Некалі ў «Беларускіх Ведамасьцях» (№ 2(25), 2000 г.) у разьдзеле гумару пад рубрыкай «Куля ў галаве» я зьмясьціў тады (дзеля сьмеху) ідэйны дэвіз барацьбы з «праклятымі мужчынамі» і якраз гэтай во спадарыні Глёрыі. Дэвіз гучэў так: «Жанчыне патрэбен мужчына, як рыбе ровар». Гэты слёган стаў узьнёслым лёзунгам змаганьня Глёрыі і яе паплечніц. Усе паўтаралі яго напамяць як вялікую мудрасьць, перапісвалі і распаўсюджвалі, асабліва Глёрыя, якая вымаўляла яго часта і эмацыйна.
Тут ніякай іроніі. Глёрыю і паплечніц сапраўды ўзбуджаў і ўздымаў гэты дэвіз. Яны напісалі нават гісторыю яго мудрасьці. Аказваецца, крэдо было прыдумана нейкай 20-гадовай студэнткай у Сіднэі па імені Ірына. Яна напісала яго на сьцяне ва ўнівэрсітэцкім туалеце. Афарызм распаўсюдзіўся, і пазьней студэнтка Ірына распавядала журналістам, што яна перайначыла фразу аднаго вельмі вялікага і вельмі знакамітага сучаснага “філёзафа”, які пісаў: «Чалавеку патрэбен Бог, як рыбе ровар». І вось у туалеце яе асяніла напісаць яшчэ глыбей і, каб ня стаць плагіятарам, -- ва ўсім прызналася. Такі вось быў лібэральна-інтэлектуальны быт, філасофія і рэчаіснасьць.
Гэта былі якраз 70-я гады ХХ-га стагоддзя, калі марксісцкая прафэсура пачала апаноўваць заходнія ўнівэрсітэты і ўплываць на розумы маладых. Цяпер на Захадзе ўжо вырасла некалькі пакаленьняў людзей са скасабочанымі думкамі і перавернутымі «каштоўнасьцямі» ў галаве. Тут праблема. Заходняя дэмакратыя чырванее на вачах.
Словам, спадарыня Глёрыя не прэтэндавала на аўтарства вялікай ісьціны, карысталася ёй паўсюдна, але ў 66 гадоў нечакана ... вышла замуж за нейкага паўднёва-афрыканскага бізнэсмэна Дэвіда. Замужства ёй спадабалася. Шлюб быў шчасьлівы. Пра «ровар» больш не ўспамінала. Але ў асяроддзі паплечніц стаўся завал, цяжкая жалоба і пракляцьці за здраду ідэалам.
Глёрыя аднак рацыянальна растлумачыла свае паводзіны тым, што іхняя барацьба, маўляў, дасягнула мэты, амэрыканскае заканадаўства палепшылася, і яна вось якраз пакарысталася вынікам агульнай фэміністычнай перамогі. Але барацьба працягваецца.
На няшчасьце, яе муж, гэты сьмяльчак Дэвід, захварэў і праз тры гады памёр, пакінуўшы Глёрыю ўдавой.
Па праўдзе кажучы, Глёрыя (у дзявоцтве даволі прыгожая асоба) даўно магла б быць шчасьлівай жанчынай, мець сям“ю, дзяцей, займацца журналістыкай, па-людзку адстойваць правы сям“і, калі б у маладосьці не падсела на збочаныя паняцьці ўзбалмошаных асобаў без асабістага жыцьця, з траўмамі ў сьвядомасьці, зьвіхнутых на нянавісьці да праклятых мужчын.
Тым часам усё сур“ёзна. Маргіналізм далёка не бяскрыўдная зьява. Камуністычныя паняцьці ў ХУІІІ-ХІХ ст. таксама былі малавядомым задураным маргіналізмам псіхічна няўстойлівых людзей. Але потым ўспыхнула эпідэмія -- марксізм, Парыжская камуна, бальшавіцкая рэвалюцыя ў Расеі, рэпрэсіі, мільёны расстраляных, замучаных і забітых.
Люмпенскія ідэі камунізму вядуць да бязбожжа, сатанізацыі грамадзтва і зьнішчэньня людзей. Гэтую дарогу ўжо ўсе ўбачылі.
Разбурэньне чалавечай прыроды (палавая нянавісьць, прызнаньне за норму маральных заганаў, збочанасьці інстынктаў, разбурэньне сям“і, адмаўленьне ад Хрысьціянства, ад духоўнага жыцьця, ад любові, ад абявязкаў і інш.) -- гэтая дарога таксама вядомая, толькі забытая. Гэта дарога Рыму. Але лепш па ёй не хадзіць.
Паняцьці жаночага сэпаратызму і агрэсіі паджыўляюцца левымі палітыкамі і левымі накірункамі ў палітыцы. Такі «фэмінізм» разбуральны, парушае чалавечую салідарнасьць, накіраваны супраць сям“і, спрыяе нянавісьці. Ён выяўляецца ў розных групах і ўзроўнях. Ёсьць цалкам адэкватныя асобы, якія са здаровым сэнсам разумеюць становішча і ролю жанчын. Такіх, праўда, няшмат. І ёсьць псіхічна адвязаныя, што дзеля «роўнасьці» змагаюцца за агульныя туалеты ды за забарону пісуараў у мужчынскіх туалетах.
Абсурды наслойваюцца адзін на другі. Дэпутат Эўрапарляманту Сыльвія Спурэк, ня ведаючы элемэнтарных законаў заалогіі і біялогі жывёлы, абурана выступіла супраць «згвалтаваньня польскіх кароў», бо іх, маўляў, асемяняюць супраць волі каровы, каб ацялілася і давала малако. І гвалтаўніком тут выступае ня бык, а чалавек („Krowy są gwałcone, żeby zostać zapłodnione, żeby mogły urodzić, żeby mogły dawać mleko. Żadna krowa, tak jak żadna kobieta, nie daje mleka bez przyczyny”).
Тут усё ж такі патлумачу гэтае ідэёвае «цуда». Пані Сыльвія абараняе жаночы род усіх польскіх кароў, бо думае, што штучнае асемяненьне – гэта «гвалт» няшчасных каровак. (Дарэчы, перанос фэміністычных уяўленьняў на жывёльны сьвет даволі распаўсюджаны.)
Маргінальныя, надуманыя, нізкаўзроўневыя абсурды падзелу і разбурэньня людзкой супольнасьці зафіксаваныя ўжо амаль ва ўсіх сфэрах існаваньня. Йдзе вульгарная атака на лінгвістыку. Гэтыя «псыхоложка», «соцыёложка» ды «архэоложка» ўжо немагчыма слухаць. Але польскае мовазнаўства церпіць (тое ж і па-беларуску).
Калі чытаеш нешта накшталт «паважаныя беларусы і беларускі», то адразу робіцца зразумелым сацыяльны тып таго, хто кажа і нават зь якога гранта ён карыстае. Не называецца агульная назва народа (віда) і граматычны род народа, бо ён мужчынскага роду. Гэта абурае скошанае ўяўленьне, пабуджае яго паправіць «сэксізм». Таму йдзе падзел па палавых біялагічных прыкметах. Дарэчы, у розных народаў і ў розных мовах агульны відавы род слова «народ» граматычна розны (гэтак жа як і граматычны род іншых прадметаў). Неразуменьне выглядае як нейкая мэнтальная хвароба.
Сутнасьць жа такога непрыкметнага (але ўжо гендэрна заідэалагізаванага) прыёму – гэта замацаваньне падзелу ў сьвядомасьці (а ёсьць жа яшчэ маладыя і старыя, ды дзеці). Непрыкметна падзеленая сьвядомасьць паддаецца на маніпуляцыі.
Пранікненьне фэміністычна заідэалагізаваных малаадукаваных людзей у мас-культуру, гісторыю, кінематограф і вынікі гэтага пранікненьня ўжо робяцца навязьлівымі. Але ня буду ў тое паглыбляцца. Адзначу толькі палавыя квоты ў палітыцы.
Фармаваньне палітычных, інстытутаў па палавой, сацыяльнай і іншай не палітычнай прыкмеце – гэта стагнацыя, тупік (характэрны, напрыклад, для камунізма). Але штучны падзел працягваецца, пашыраецца і адбіваецца ў заканадаўстве.
У Амэрыканскай дэмакратыі негалосна ў форме жарту склаліся чатыры катэгорыі прыярытэту адносна працоўнага ўладкаваньня. На першым месцы афраамэрыканец, на другім – гомасэксуаліст, на трэцім – жанчына, на чацьвертым-апошнім – мужчына -- прафэсіянал-спэцыяліст. Гэта, вядома, нідзе не прапісана ў законах. Тут такі амэрыканскі «фальклёр», прыдумка. Але калі нейкага з першых катэгорыяў ня возьмуць на працу, то ён (калі захача) можа падаць у суд аб дыскрымінацыі па прыкмеце яго асобы. А там, як кажуць, палова на палову – можа быць усяляк. На першы погляд здаецца, што гэты «фальклёрны» антырынкавы падыход у рэальнасьці немагчымы, бо проста жарт. Але на самой справе працадаўцы часта вымушаны яго ўлічваць. І суды тут таксама былі.
У цэлым маргінальныя фэм-групы перажываюць тыпова лявацкую мэнтальнасьць і зыходзяцца на адным – на непрыхільнасьці да мужчын. І чым ніжэйшы ўзровень думаньня, тым большая варожасьць.